14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
Сёння ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт уручае дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер. Званні «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» прысвоены вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Георгію Лойку і артыстам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» Васілю Прыходзьку і Андрэю Макаруку. Двух артыстаў з аднаго ансамбля адначасова ацанілі на высокім дзяржаўным узроўні. Даўно такога не было ў гісторыі калектыву. А яна, між іншым, налічвае больш за 45 гадоў
Васіль Прыходзька некалькі дзён таму адзначыў сваё 50-годдзе. Праўда, паверыць у гэта можна хіба толькі зазірнуўшы ў пашпарт артыста. Стройны, падцягнуты, спартыўны… Здаецца, ён толькі ўчора скончыў Інстытут культуры. Пытаюся ў Васіля, што дапамагае захоўваць такую выдатную форму:
— Па-першае, штодзённая фізічная нагрузка. Па-другое, ты кожны раз і на рэпетыцыях, і на канцэртах перажываеш пачуцці, якія ўласцівы маладым шчаслівым людзям. Гэта свайго роду трэнінг. Ты праецыруеш радасць, каханне, прыгажосць… Усе гэтыя станоўчыя эмоцыі зараджаюць знутры.
У «Харошках» Васіль ужо больш за два дзесяцігоддзі. Артыст успамінае, як лёс звязаў яго з гэтым калектывам:
— У 1994 годзе я танцаваў у ансамблі «Белая Русь», дзе працавала ў той час і рэпетытар з ансамбля «Харошкі» Тамара Гардзей. Тамара Пятроўна, ацаніўшы маю работу, сказала: цалкам магчыма, што мастацкі кіраўнік «Харошак» Валянціна Гаявая ўзяла б мяне ў свой калектыў. Я пра яго нават не марыў! Адкінуў усё ўбок і паспяшаўся правярацца. І сам такога не падазраючы, стаў часткай вядучага харэаграфічнага калектыву рэспублікі.
Сёння ансамбль «Харошкі» з'яўляецца брэндам краіны. На працягу многіх гадоў яго ўдзельнікі пад кіраўніцтвам народнай артысткі Валянціны Гаявой не проста прэзентуюць беларускую культуру, але і адкрываюць яе невядомыя старонкі. Танцавальныя праграмы ансамбля заснаваны на багатым фальклорным матэрыяле і беларускай гісторыі. Кожная з іх па-свойму ўнікальная. Ва ўсіх задзейнічаны і Васіль Прыходзька:
— Мне падабаецца, што тэатралізаваныя праграмы ансамбля такія рознабаковыя. Гэта дазваляе артысту раскрыцца, паказаць сябе з розных бакоў. Чаго каштуе толькі «Полацкі сшытак»! Валянціна Іванаўна закранула той пласт, які да яе ніхто не даследаваў. Пра беларусаў казалі як пра лапцевы бедны народ. А тут мы паказваем, што жылі на тэрыторыі нашай краіны і шляхціцы, і магнаты.
З вялікім арыстакратызмам выконвае Прыходзька сольныя партыі ў нумарах «Вечар у замку», «Сакалінае паляванне» праграмы «Полацкі сшытак». У фальклорнай праграме віртуозна пераўвасабляецца і выконвае лірычныя і душэўныя партыі ў нумарах «Віцебская полька» і «Субота», прычым артыст не толькі танцуе, але і іграе на музычным інструменце. Запамінальныя яго выступленні ў праграмах ансамбля «Тураўская легенда», «Бывай, ХХ стагоддзе!», «Беларусы». За гады працы ў «Харошках» Васіль стаў сапраўдным майстрам народнага танца. І сёння свой вопыт ён перадае маладым калегам. Акрамя того, некалькі гадоў выкладаў харэаграфію людзям з абмежаванымі магчымасцямі і людзям сталага ўзросту ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання несельніцтва Цэнтральнага раёна Мінска.
Навіна аб прысваенні звання, расказвае Васіль, стала поўнай нечаканасцю:
— У пачатку чэрвеня патэлефанаваў сябра: «Я цябе віншую!» — «З чым?» — «Са званнем заслужанага артыста». І не першага ж красавіка на вуліцы. Паверыў, толькі калі на свае вочы ўбачыў указ Прэзідэнта. Вельмі прыемна, хоць я ніколі і не марыў пра званні. Працаваў аддана, бо адчуваў такую ўнутраную патрэбу.
Не адразу паверыў у навіну аб прысваенні звання і яшчэ адзін заслужаны артыст ансамбля Андрэй Макарук:
— Падумаў, напэўна, жарт. Вядома, у калектыве абмяркоўвалася, што рыхтуюцца дакументы. Але не думаў, што гэта адбудзецца насамрэч і так хутка. Цяжка перадаць словамі першыя адчуванні. Проста падзякаваў сваім калегам. Гэта ўзнагарода — і іх заслуга. Без іх нічога не атрымалася б.
Андрэй прыйшоў у «Харошкі» адразу пасля заканчэння Пінскага вучылішча мастацтваў у 2003 годзе. І з таго часу быў задзейнічаны ва ўсіх без выключэння тэатралізаваных праграмах калектыву. Гастраляваў з ім і па Беларусі, і па свеце. Між іншым артыстам «Харошак», у тым ліку і Макаруку, апладзіравалі і ў Кітаі, і ў Венесуэле, і ў Арабскіх Эміратах, і ў еўрапейскіх краінах, і ў многіх іншых.
Андрэй не толькі бліскучы танцор, але і вельмі таленавіты акцёр. Яго персанажы яркія, каларытныя, пазітыўныя. Напрыклад, у праграме «Фальклор» артыст цудоўна выконвае сольныя партыі гумарыстычнага напрамку ў нумарах «Гусарыкі», «Лянсей», «Камарынская», «Юр'еў конь», «Віцебская полька». Відовішчныя сольныя партыі Макарука ў нумарах «Субота» і «Весялуха». Дарэчы, як і Васіль, Андрэй не толькі танцуе, але і іграе на музычных інструментах, прычым самастойна асвоіў гармонік і бубен. Як і Васіль, перадае свой вопыт іншым. Выкладаў народны танец у гуртках па інтарэсах пры Навасельскім цэнтры культуры і вольнага часу Мінскага раёна.
Вядома, каб здзіўляць гледача, прыходзіцца шмат працаваць. За пырханнем на сцэне стаяць гадзіны трэніровак і рэпетыцый. Без траўмаў не абыходзіцца.
— Былі і расцяжэнні, і вывіхі, — успамінае Андрэй. — Перажыць гэта складана не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Памятаю свой вывіх локцевага сустава. Прыйшоў на канцэрт ансамбля і проста не мог уседзець на месцы. Хацелася вырвацца на сцэну! Разумееце, «Харошкі» і для мяне, і для маіх калег — не проста работа. Гэта стыль жыцця.