14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
У такую харошую пару 14 студзеня 1974 года нарадзіўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Назва адпавядае сутнасці. Хаця ў сапраўднасці ансамбль атрымаў імя ад назвы вёскі Харошкі, што ў Магілёўскай вобласці. Там у пачатку 1970-х быў запісаны танец «Гусарыкі».
Фота з архіва БДАЗХА «Харошкі»
50 гадоў — плён шматвяковых нацыянальных традыцый і непаўторны фальклорны каларыт, увасоблены ў харэаграфічным і музычным мастацтве. Дзякуючы «Харошкам» старадаўнія беларускія танцы атрымалі новае жыццё і сучаснае гучанне, захаваўшы пры гэтым аўтэнтычную народнасць і прыгажосць. Нацыянальнае багацце доўгія гады збіралася падчас экспедыцый па Беларусі.
Нязменная натхняльніца «Харошак» — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. Дзякуючы яе руплівасці сабраны залаты фонд аўтарскіх праграм, якія з’яўляюцца візіткай беларускай культуры. За паўвека творчасці «Харошкі» аб’ехалі з гастролямі амаль увесь зямны шар. З нядаўніх — выступленне ў Парыжы. У калектыве працуюць заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Святлана Кашталапава-Патаповіч, Фёдар Балабайка, Васіль Прыходзька, Андрэй Макарук, Алена Якубец.
Падарункам да юбілею стаў паштовы праект «50 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі»» — мастацкі маркіраваны канверт і спецыяльны штэмпель. На канверце адлюстравана харэаграфічная кампазіцыя «Пава» — адзін з нумароў залатога фонду ансамбля. Канверт уведзены ў паштовае абарачэнне тыражом 20 тысяч экзэмпляраў. Яшчэ адным падарункам стане юбілейны канцэрт 26 студзеня ў канцэртнай зале «Мінск».
Вясна. Лета. Восень. Зіма. Поры года змяняюць адна адну і, здаецца, паўтараліся мільёны разоў, але кожны раз новыя і чаканыя, кожны раз дораць радасць і адкрыццё. Так і Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Безліч канцэртаў і праграм на аснове фальклору і народных традыцый штораз зачароўваюць і натхняюць. Чаго толькі варты «Полацкі сшытак» — нацыянальны здабытак музыкі XVII ст. Таксама ў рэпертуары такія вядомыя кампазіцыі, як «Гусарыкі», «Весялуха», «Лянсей», «Камарынская», «Субота», «Каляда», «Юр’еў конь», «Беларускае вяселле», «Купальская сюіта», «Вечар у замку», «Сакалінае паляванне» — усяго больш за 80 харэаграфічных нумароў, пастаўленых Валянцінай Гаявой. У чым сакрэт поспеху «Харошак», мы даведаліся ад удзельнікаў калектыву.
Калі гэты артыст толькі выходзіць на сцэну — яму ўжо апладзіруюць. Саліст Фёдар Балабайка, заслужаны артыст Беларусі, танцуе ў калектыве 48 гадоў, амаль яго равеснік, ды не расслабляецца, дысцыплінуе сябе: «Каб не страціць планку, якую маеш, і трымаць яе на ўзроўні. Бо ўніз апусціцца можна заўсёды. Тое, што напрацавана гадамі, складана ўтрымаць. Некаторыя думаюць: вось як выйдзем, як дадзім, а выходзяць — і не атрымліваецца. Усё залежыць ад таго, як працуеш на рэпетыцыях», — перакананы Фёдар Якаўлевіч. Сваім прафесіяналізмам, прызнаецца, абавязаны Валянціне Гаявой і Мікалаю Дудчанку, стваральнікам ансамбля. Карыснай стала іх патрабавальнасць. Артыст аддаў «Харошкам» большую частку жыцця. Адна з важных рыс Фёдара Якаўлевіча — вучыць маладых: «Трэба рабіць, як я, ды яшчэ лепш». «Гусарыкі», «Весялуха», «Віцебская полька», «Местачковы вальс» — непаўторныя нумары без яго не ўяўляліся. Сакрэт поспеху, лічыць, просты — трэба рабіць сваю работу якасна: «Не проста прыйшоў, адбыў, а адпрацаваў стопрацэнтна, атрымаў задавальненне».
З часу заснавання «Харошак» і загадчык трупы Валянціна Гехт. У яе працоўнай кніжцы — только адно месца працы. «Скончыла дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, якое тады было пры оперным тэатры, і прыйшла сюды», — расказвае Валянціна Васільеўна. Поспех «Харошак» на працягу 50 гадоў тлумачыць так: «Мы нясём на сцэне жыццё. Нашы артысты шчырыя, працуюць не найграна. Гэтым і бяром, што спадабалася ў свой час Ігару Маісееву». Аднойчы ездзілі са справаздачным канцэртам у Маскву, прадстаўлялі Беларусь. Былі і іншыя майстры мастацтваў краіны. І Маісееў адзначыў харэаграфію «Харошак», не падобную на іншыя, згадвае Валянціна Васільеўна: «У нас свой твар. З’явіўся ён дзякуючы мастацкаму кіраўніку Валянціне Гаявой. Гэта яе бачанне». Валянціна Гехт была задзейнічана ва ўсіх праграмах. Першы састаў невялікі: пачыналі з васьмі пар. «Калі стваралі праграму «Беларусы», нас ужо было шмат — каля 30 жанчын і 26 мужчын». Потым прыйшлі маладыя — дапамагалі ім.
І яны цяпер — гонар калектыву, як, напрыклад, саліст Аляксей Анішчук, які ў «Харошках» 15 гадоў. Гэта ён у славутай «Камарынскай» робіць сальта і розныя трукі, скача на руках. «Я люблю трукачыць. Што да тэхнікі, то ў мяне самая складаная: сальта, флякі, бедуінскі, свечкі». На пытанне, ці не занадта строгія настаўнікі, адказвае: «Хочацца, каб патрабавалі больш — тады працаваць лягчэй. Расслабляцца нельга». Іншы раз ад заўваг можа нарадзіцца крыўда, але танцоры рады прымаць нагрузку: «Заўвагу табе робяць дзеля твайго ж поспеху». Рознасць пакаленняў працуе станоўча, і Фёдара Балабайку маладыя, у прыватнасці Аляксей, успрымаюць як бацьку: «Фёдар Якаўлевіч пастаянна жартуе, весяліцца, падбадзёрвае». Можа, у гэтым і ёсць сакрэт харошкаўскай згуртаванасці на доўгія гады? «Глядзіш на нашых карыфеяў і радуешся, што ў сваім узросце выходзяць на сцэну і працуюць», — кажа Аляксей. З любімых яго нумароў — «Дуда», пастаўленая ўся на тэхніцы. Па душы сталі і лірычныя кампазіцыі, у прыватнасці «Сакалінае паляванне», хараводы.
«Харошкі» — адзінае месца працы і заслужанай артысткі Беларусі Святланы Кашталапавай-Патаповіч: «Трэба настолькі любіць свой калектыў, якому аддала сэрца, сямейнае жыццё, любоў да харэаграфіі. Хаця мяне запрашаў да сябе Ігар Маісееў», — прызнаецца Святлана Аляксандраўна. «Харошкі» заявілі пра сябе на конкурсе прафесійных калектываў і здзівілі ўсіх, адзначае суразмоўца: «Спаборнічалі дзяржансамбль Сухішвілі-Рамішвілі танца Грузіі, увогуле, усе калектывы з Савецкага Саюза. І нікому не вядомыя «Харошкі», восем пар. І мы стрэлілі так, што ўразілі ўсіх і занялі першае месца».
Сёння Святлана Аляксандраўна перадае вопыт маладым: «Для мяне галоўнае — фактура. Ёсць, напрыклад, танцоры з фактурай трукачоў, але даводзіцца адкрываць і іншыя грані. Валянціна Іванаўна ставіць геніяльныя пастаноўкі, дзе знаходзіцца месца ўсім: цікавыя карцінкі, абыгроўкі, кадрылі, смешнае. У нас Паша Барадзінчык невысокага росту: здаецца, нестандарт, але так упісваецца, такія вобразы выносіць на сцэну... Гэта заслуга балетмайстра. А я намагаюся дасягнуць правільнаага выканання рухаў, раскрыць эмоцыі і раблю гэта з вялікай любоўю». Сакрэт поспеху «Харошак», лічыць Святлана Кашталапава, у разнапланавых пастаноўках, а яшчэ — у эмоцыях, якія аддаюць артысты: «На нашых канцэртах усе: бабулі, дзядулі, маладыя, дзеці — апладзіруюць, танцуюць, усміхаюцца, а яшчэ кажуць: «Вы нам дапамагаеце жыць»». Служаць мастацтву ў калектыве не толькі музыканты і танцоўшчыкі, балетмайстры, але і касцюмеры. Наталля Дзямбіцкая працуе з 2000 года: «У нас унікальныя нумары, праграмы з беларускімі вытокамі. Валянціна Іванаўна ездзіла ў экспедыцыі па вёсках і збірала па крупінках народнае багацце. Разынка «Харошак» — жывая музыка, аркестр». Яны гараць справай — гэта відаць па зіхатлівых вачах. «Мы з дзяцінства, уся наша сям’я, любілі «Харошкі» і хадзілі на іх канцэрты, — дзеліцца Наталля Дзямбіцкая. — Таму і мой брат Аляксей Гладнеў прыйшоў сюды. Усёй сям’ёй чакалі, калі ён прыязджаў з гастроляў. Без яго не абыходзілася ні адной камандзіроўкі». Натхняючыся харошкаўскім вірам творчасці, майстрыца рада рабіць тое, што ёй падабаецца. «А па-іншаму быць не можа, і выпадковых людзей тут няма», — дадае калега Іна Рогава.
Кожны чалавек тут — у агульнай мазаіцы праекта. «Я ў калектыве з 2007 года і прайшоў шлях ад артыста балета да работніка адміністрацыі, кіраўніка, — дзеліцца Руслан Абдул, дырэктар калектыву. — Лічу, што «Харошкі» валодаюць непаўторным стылем. Мы дорым самабытную культуру».
Адзін з важных складнікаў іміджу «Харошак», яркая краска — аркестр і вакалісты. Ульяна Гаўрылава працуе ў калектыве 29 гадоў. Яна пераканана, што аркестр — вельмі складаны механізм: гэта работа ансамбля музыкантаў, салістаў і гукарэжысёра: «Мы ганарымся, што працуем ужывую, таму кожны канцэрт унікальны: па настроі, падачы». Калектыў жыве, бо кожнае імгненне — новае прачытанне твора з рознымі акцэнтамі. «Наш матэрыял няпросты па лексіцы і ў музыкантаў, і ў балета. Патрабуе не толькі тэхнічных уменняў, але і дружнага, на адным дыханні, выканання. А кожны творчы чалавек складаны, таму задача — згуртавацца». Ульяне вельмі даспадобы праграма «Полацкі сшытак», калі працуюць разам з балетам, па настроі блізкія «Местачковыя карцінкі».
«Харошкі» сталі лёсам і для вакалістаў. «Першы раз ансамбль я ўбачыў па тэлевізары ў 1975 годзе, — расказвае саліст Віктар Кедала. — Яны здымалі тады фальклорную праграму ў Азярцы. Я дзіцем вельмі ўразіўся, прытым што рос на музыцы Pink Floyd, The Beatles. Падумаў: «Вось бы ў «Харошках» працаваць!». У 1996 годзе я прыйшоў сюды праслухоўвацца, вывучыў увесь рэпертуар. І ў красавіку 1997-га мяне ўзялі. Жыццё змянілася, бо я заўсёды марыў стаць артыстам тэатра, і мара ажыццявілася».
Славіцца калектыў тым, што прадстаўляе фонд беларускай культуры і ў мове, і ў касцюмах, і ў танцавальнай лексіцы. Амаль увесь рэпертуар вакальных кампазіцый па-беларуску. Гэтым вельмі ганарыцца вакалістка Марына Анкуда: «Беларуская мова на генетычным узроўні ўспрымаецца на двесце працэнтаў, і я яе вельмі люблю. Калі мы за мяжой, здаецца, беларуская мова быццам гарманізуе душэўны стан — настолькі яна глыбокая, мяккая і добрая». У калектыве Марына з 2015 года. «Той, хто ўбачыў «Харошкі» адзін раз, носіць іх у сэрцы ўсё жыццё, — пераканана яна. — У свой час я ўбачыла ансамбль падчас навучання ва ўніверсітэце культуры, вельмі ўразілася, і яны сталі пуцяводнай зоркай у маёй творчасці. Сакрэт «Харошак» вельмі просты: трэба быць сумленным. Наша мастацтва сумленнае, адкрытае і нефальшывае».
Публіка ад самых маленькіх да сталых успрымае творчасць калектыву як узор, бо яна якасная, лічыць Марына Анкуда: «Цэняць наш жывы гук, аркестр, шырокую палітру музычных інструментаў, тэмбры галасоў, касцюмы...» У гэтым можна было пераканацца падчас нядаўніх гастроляў «Харошак» у Парыжы. «Не хапала месца ў зале. Прыйшло б людзей у два разы больш, калі б была магчымасць змясціць усіх. Французы, адчувалася, разумелі нашу мову», — расказвае другая вакалістка Вольга Неўмяржыцкая. Яна ў калектыве з 2010 года. Размеркавалася пасля ўніверсітэта культуры: «Для мяне «Харошкі» — штосьці нерэальнае. Я была шчаслівая, калі Валянціна Іванаўна, праслухаўшы мяне, узяла. Яна чалавек з вялікай літары. Захапляюся ёю да гэтага часу. Яе парады бясцэнныя».
Сапраўды, творчая празорлівасць Валянціны Гаявой адкрыла моцныя бакі многіх удзельнікаў калектыву, а іх каля 70. І цяпер яе справу працягвае новы мастацкі кіраўнік Ірына Грушова. «Я 23 гады працавала артысткай балета. На новай пасадзе наперад гляджу з аптымізмам. Шклянка для мяне заўсёды напалову поўная, і я хачу напоўніць яе да краёў, — гаворыць Ірына Грушова. — Мая задача — захаваць усё, што было створана Валянцінай Іванаўнай, прычым максімальна, і набраць новае пакаленне, каб перадаць назапашаныя ўменні і навыкі: як фальклор — з вуснаў у вусны, так і творчы багаж: ад пакалення да пакалення».
У чым поспех «Харошак»? Яны вось ужо 50 гадоў зберагаюць беларускі генетычны код. Годная мэта, вартая высілкаў і служэння сцэне. «Сёння папулярны сучасны танец, але ён, па сутнасці, паўсюль аднолькавы, — разважае Ірына Грушова. — Калі мы за мяжу прывязём сучасны танец, усе здзівяцца: а што тут цікавага? А цікавы ж народ, яго характар, яго генетычны код — касцюм, музыка, танец. Пры дапамозе гэтага мы прадстаўляем свае нацыянальныя асаблівасці. У гэтым геній Валянціны Гаявой: хоць яна сама нарадзілася ў Валгаградскай вобласці, у стэпе, дзе руская казацкая культура, ды адчула культуру беларускую, змагла вылучыць канцэнтрат і стварыць алмаз».
Хай жа ён зіхаціць новымі гранямі доўгія гады!
Наталля СВЯТЛОВА