14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
Штодзённыя рэпетыцыі, яркія касцюмы, пастаянныя гастролі і, вядома ж, любоў публікі — менавіта такі графік жыцця гарманічны для нашай сённяшняй гераіні. Яна ўжо шмат гадоў працуе салісткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» і сёння падзеліцца з намі ўсімі сакрэтамі закулісся.
— Як вы прыйшлі ў ансамбль?
— Знаёмства з «Харошкамі» адбылося яшчэ ў самым дзяцінстве. Калі была маленькай дзяўчынкай, мяне вельмі прыцягвалі народны танец і музыка. Я тады ўжо зразумела, што менавіта з гэтымі відамі творчасці хачу звязаць сваё жыццё. Убачыўшы маё жаданне і патэнцыял, мама запісала ў студыю пры ансамблі. У адзінаццаць гадоў я пачала там займацца. Шчыра кажучы, трапіць туды было не так ужо і проста. Для паступлення ў студыю мы здавалі экзамены: народны і класічны танец. Але нават калі вы скончылі яе, гэта не давала гарантыі аказацца ў «Харошках». Нашымі выкладчыкамі ў студыі былі высокаадукаваныя харэографы з багатым артыстычным досведам. Яны па-сапраўднаму зараджалі нас сваімі талентам і імкненнем, мэтанакіравана навучалі любіць народны танец, а найлепшых выпускнікоў запрашалі ў калектыў. Калі ты старанна працуеш, горача жадаеш, і да гэтага дадаецца кропелька шанцавання... І вось ты ўжо артыст «Харошак»!
— Цяжка было ўліцца ў калектыў?
— У студыі я атрымала добрую прафесійную падрыхтоўку, без якой, на мой погляд, нельга стаць майстрам сваёй справы. Але ўсё адно напачатку было крыху не па сабе. У галаве ўвесь час круцілася, што мяне ўзялі на выпрабавальны тэрмін, і, нават прапрацаваўшы год у калектыве, я ўсё роўна часам думала, што мяне яшчэ правяраюць (смяецца).
— А што наконт першага выступлення ў складзе «Харошак» прыгадаеце?
— Гэты дзень дакладна запомніла на ўсё жыццё. Быў выязны канцэрт у маленькі гарадок. Я ўзрадавалася, бо сцэна там была не такой вялікай, як у Мінску. Але хваляванне ўсё роўна прысутнічала, ды яно і павінна заўсёды прысутнічаць у прафесійнага артыста незалежна ад працягласці яго сцэнічнай дзейнасці. Дасведчаныя артысты «Харошак» мяне ўсяляк падтрымлівалі.
На самай справе, у мяне тады былі змешаныя пачуцці: і хваляванне, і радасць, і гонар, што мае настаўнікі сталі маімі калегамі. І менавіта ў той дзень прыйшло ўсведамленне, што мара спраўдзілася — я стала артысткай «Харошак».
— З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца на прафесійным шляху?
— Прафесія артыста, мякка кажучы, нялёгкая. Я нават магу параўнаць з развіццём дзіцяці. У перыяд, пакуль чалавек становіцца майстрам у сваёй творчай сферы, ён праходзіць узлёты і падзенні, прыемныя моманты, а часам і вялікія цяжкасці. На жаль, без гэтага няпростага шляху немагчыма стаць артыстам. Першая цяжкасць, з якой я сутыкнулася на пачатку сваёй кар'еры і якая прысутнічае на працягу ўсёй дзейнасці танцора, — гэта барацьба з уласным целам. Ёсць такія людзі, у якіх прыродная гнуткасць і яны без асаблівай работы над сабой могуць займацца харэаграфіяй. Мне ж у гэтым плане не пашанцавала. Заўсёды прыходзілася ламаць сябе, працаваць, распрацоўваць новую сябе кожны дзень. Выдатныя педагогі дапамаглі развіць усе патрэбныя фізічныя якасці танцора. Менавіта за тыя любоў і душу, якія яны ўклалі ў мяне, я ім вельмі ўдзячная. Заўсёды з вялікай радасцю бягу на рэпетыцыі! Нават калі ты фізічна стомлены, душа ўсё роўна патрабуе танца. Ну і ў сувязі з пандэміяй зараз асноўнай цяжкасцю любой творчай прафесіі з'яўляецца адсутнасць гастроляў. Артысты моцна сумуюць па сваіх гледачах.
— А што самае прыемнае ў вашай рабоце?
— На гэта я магу адказаць нават не задумваючыся. Самае лепшае, што ёсць у прафесіі артыста, — гэта аддача гледача. Калі ў канцы выступлення ўся зала апладзіруе табе ў знак падзякі і ты бачыш у іх вачах радасць, то разумееш, што зрабіў сёння намнога больш, чым проста станцаваў. Ты падарыў тыя шчаслівыя эмоцыі, якімі будуць дзяліцца з навакольнымі. І атрымліваецца, што менавіта ты, артыст, зрабіў гэты свет крышачку ярчэйшым і больш радасным.
— Напэўна, для гэтага трэба шмат працаваць?
— Калі ты прафесійны артыст, то танец жыве ўнутры цябе заўсёды. Была б мая воля, я суткі праводзіла б у рэпетыцыйнай зале. На шчасце, у мяне выдатныя бацькі, якія цалкам падтрымліваюць і з радасцю сядзяць з маімі дзецьмі пры неабходнасці. Наогул, любая наша рэпетыцыя пачынаецца з урока класічнага танца. У ім спалучаецца не толькі грацыя рухаў, але і важнасць дакладнага паўтору ўсіх камбінацый. На мой погляд, гэта самы лепшы спосаб навучыць творчага чалавека вытрымцы і дысцыпліне. І толькі пасля гэтага ўрока мы ідзём альбо на аркестравую рэпетыцыю, альбо займаемся новай пастаноўкай. Многія думаюць, што танцоры ледзь не месяцамі вучаць новыя рухі. На самай справе гэта не так. Калі ты прафесіянал, для цябе вельмі лёгка вывучыць новую камбінацыю. Некаторыя танцоры падчас выступлення могуць перыферычным зрокам паглядзець на рухі партнёра і ў тую ж хвіліну паўтарыць іх так, што глядач ніколі не здагадаецца, што раней гэтую звязку артыст не ведаў. Гэта ўзровень сапраўднага прафесіянала.
— У вас ёсць любімыя нумары?
— Як і ў любога артыста. Але спачатку я хацела б патлумачыць, што «Харошкі» — гэта калектыў не толькі народнага танца. У ім вызначана нешта большае. Ён мае свой стыль, сваю стыхію і тыя асаблівасці, за якія публіка яго так любіць. І заслуга ў гэтым нашага мастацкага кіраўніка і аўтара пастановак Валянціны Іванаўны Гаявой. Яна стварае такія шэдэўры, якія немагчыма не палюбіць усім сэрцам. Дзякуючы ёй, у рэпертуары ансамбля і для кожнага артыста, і для кожнага гледача ёсць такі кірунак, які прыходзіцца яму да сэрца. Для мяне гэта нумары, у якіх раскрыта жаночая тэматыка, якую можна заўсёды станцаваць душой. Менавіта гэтыя творы раскрываюць гледачу патаемны ўнутраны свет жанчыны.
Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў