14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
Абсалютна аншлагавая зала, кветкі ад Прэзідэнта (віншаванне Кіраўніка дзяржавы было даслана акурат на дзень нараджэння творцы ў ліпені), бясконцая чарада ўдзячных прыхільнікаў. Сама ж юбілярка па некалькі разоў напрыканцы кожнага аддзялення паўтарала, звяртаючыся да гледачоў: "Мы вас любім!" І гэтыя словы выказанага ўголас пачуцця ўспрымаліся своеасаблівым ключом да разгадкі не толькі прэм'ерных нумароў ды самога юбілейнага канцэрта "Мой лёс - "Харошкі", але і ўсёй твочай дзейнасці знакамітага харэографа.
Раптам стала зразумела, што літаральна ўсё, пастаўленае В.Гаявой, - пра любоў і, вядома, з любоўю! Не абышлася без пранікнёна вырашанай тэмы кахання і прэм'ерная чатырохчасткавая кампазіцыя "Лясная легенда", звернутая да часоў язычніцтва. Ідэі ўвасаблення ў танцы гэтай далёкай дахрысціянскай эпохі, пэўна, літаральна луналі ў паветры: акурат тыдзень таму свае прэм'еры, таксама прысвечаныя прашчурам, прадставіў Дзяржаўны ансамбль танца на чале з юбілярам Валянцінам Дудкевічам. Але ж наколькі рознымі атрымаліся аўтарскія погляды! Замест мужчынскай брутальнасці В.Гаявая ўзвяла на п'едэстал высокую рамантыку, блізкую (не па стылі, а па духу) "Вясне свяшчэннай" у пастаноўцы Валянціна Елізар'ева, толькі - са шчаслівым фіналам. Пасля ўрачыстых шэсцяў паляўнічых з галавой забітага зубра, пасля паядынку не на жыццё, а на смерць, калі з-пад мячоў сыплюцца іскры, на сцэне застаюцца двое закаханых. Яны не заўважаюць нічога навокал, акрамя адно аднаго... Падобныя "ціхія" кульмінацыі для В.Гаявой - зусім не рэдкасць. Ва ўсе часы і нават па-за часам яе цікавяць, найперш, чалавечыя пачуцці. Менавіта пра гэта - адметнасць індывідуальнасцей, характараў, чалавечых пачуццяў - усе ейныя кампазіцыі. А ўсё астатняе - і разнастайныя кінапрыёмы, дзе выкарыстоўваецца "паралельнае дзеянне", і амаль "кінамантаж", элементы тэатра масак, традыцыі рэнесанснага жывапісу, і многае іншае - толькі дапаўненне да асноўнай тэмы, упрыгожанне яе разнастайнасцю адгалінаванняў і подыхам вечнасці.
Прэм'ерная "Лясная легенда" будзе адкрываць новую праграму ансамбля - "Палёты панад часам", з якой калектыў паедзе ў Германію ды іншыя краіны Еўропы. Цікава, што ўжо першы нумар гэтай кампазіцыі - "Дазор" - пачынаецца сапраўднымі палётамі, нібы з жанру фэнтазі: спрытныя хлопцы, прабіраючыся да зор, нават не скачуць па сцэне, а папраўдзе лунаюць - на мяжы чалавечых магчымасцей. Харэограф так паставіла гэтую сцэну, што здаецца, быццам мы бачым не жывое выкананне, а нейкія камп'ютарныя эфекты - настолькі мякка, палётна, імкліва "пералятаюць" героі з месца на месца. Паралелі з жанрам фэнтазі, надзвычай запатрабаваным сёння ў моладзі, захоўваюцца і надалей. У вакальна-харэаграфічнай замалёўцы з жыцця вандроўных артыстаў "Дуда" артысты падобныя да вялікіх лялек, якімі кіруе чалавек: ну немагчыма, здавалася б, так пластычна і запаволена, бы ў рапідзе, рухацца і зноў лётаць! А як вабіць багацце шыкоўных строяў у нумарах эпохі Адраджэння- фантастыка, дый годзе!
Па замове нямецкага боку, праграма "Палёты па-над часам" павінна ўключаць цыркавыя нумары. Некаторыя такія ўкрапванні ў "Харошак" ужо з'явіліся, прычым літаральна за некалькі гадзін да юбілейнага вечара, калі прыехалі ўкраінскія жанглёры ды іншыя артысты. І калі бойка на мячах у "Рытуале" надта адцягвала на сябе ўвагу, замінаючы асноўнай дзеі, дык увядзенне цыркавых артыстаў у кампазіцыю "Плошча ў Полацку" аказалася настолькі гарманічным, быццам харэограф сама прыдумвала ім пластыку. Увогуле ж, спалучэнне харэаграфіі з цыркам у дадзеным кантэксце працягвала ідэю сінтэзу мастацтваў, на якой будуецца ўся творчасць "Харошак". Кожная іх праграма- цэлы спектакль, які не толькі прыносіць эстэтычную асалоду, але і вымушае больш спагадліва ставіцца да сваіх блізкіх і ўсяго чалавецтва. Іншымі словамі, першай была - любоў. І яна ж застанецца апошняй.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА
На здымках: сцэны з нумароў "Лясная легенда", "Дуда".
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
Газета "Культура" № 44