14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
Балетмайстар-пастаноўшчык Валянціна Гаявая, харэограф Мікалай Дудчанка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Патапавіч.
Харэаграфічны ансамбль «Харошкі» — танцавальная легенда беларускай сцэны. За сорак тры гады існавання назва калектыву стала нацыянальным брэндам. Чуеш слова «Харошкі» — і адразу ўяўляеш прафесійных танцораў, якія адмыслова выконваюць беларускія танцы, народныя музычныя інструменты, прыгожыя аўтэнтычныя касцюмы, узноўленыя па модзе мінулых стагоддзяў. Як гэта — быць «Харошкамі»? Каб зразумець, давялося правесці некалькі дзён за кулісамі канцэртнага жыцця калектыву.
Для танцораў кожны працоўны дзень пачынаецца ў балетным класе. З раніцы — класічны 45-хвілінны трэнаж, потым рэпетыцыя, якая можа цягнуцца больш за тры гадзіны. У адной з залаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі напоўніцу ідзе праца. Без прыгожых канцэртных строяў, якія надаюць артыстам святочнасці падчас выступаў, увага выпадковага гледача цалкам скіравана на складанасць рухаў ды фізічныя намаганні, якія трэба прыкласці, каб з усмешкай на твары лётаць па сцэне. Пакуль хтосьці з танцораў зноў і зноў паўтарае новы нумар пад акампанемент аркестра, іх калегі расцягваюцца і разаграваюцца, каб у патрэбны момант заняць сваю пазіцыю. За ўсім дзействам сочыць народная артыстка Беларусі, мастацкі кіраўнік і заснавальніца ансамбля Валянціна Гаявая. Ад яе пільнага вока не ўхіліцца ніводная недарэчнасць, не застанецца нявыпраўленай ніводная загана. Момант — і яна ўжо сярод танцораў, паказвае на ўласным прыкладзе, якіх рухаў патрабуе мізансцэна.
Народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая згадвае, як калісьці адзін высокапастаўлены калега заўважыў: «Танцаваць — не працаваць». Але ж танец — вельмі складаная і цяжкая прафесія! Часам танцоры вымушаныя мяняць кашулі, а то і цалкам пераапранацца — пад канец рэпетыцыі яны ўсе мокрыя. Нават выхадныя бываюць розныя: часта канцэрты прыпадаюць на суботу або нядзелю. Як правіла, канцэрты выязныя, бо, нягледзячы на тое, што ў рэпертуары «Харошак» амаль тэатральны змест, а сам ансамбль утрымлівае вялікі калектыў і ўласны аркестр, сваёй пляцоўкі не маюць. Але нават у такіх умовах ансамбль дэманструе адметныя рэчы з пункту гледжання харэаграфіі, музыкі, вакалу.
Звычайна на гастролі выязджаюць ужо спрактыкаваныя карыфеі сцэны. Моладзь, якая танчыць побач з майстрамі, застаецца: працягвае працу на месцы, вучыць новыя нумары — імкнецца даказаць, што таксама гатовая паехаць у тур. Гастролі — не толькі па Беларусі. Часцей за ўсё «Харошкі» едуць у Расію (тройчы былі на Міжнародным музычным фестывалі імя М. І. Глінкі).
Калектыў запатрабаваны і ў Еўропе: ансамбль збіраў тысячы гледачоў на муніцыпальных канцэртах у Італіі, куды яго запрашалі кожнае лета ў 90-я гады. «Харошкі» столькі вандравалі, што ўжо ведаюць, якую праграму і для якой краіны трэба рыхтаваць. На думку Валянціны Гаявой, цікавасць да беларускіх «Харошак» у Еўропе абумоўлена надзвычайнай змястоўнасцю нумароў.
— У нашых канцэртах вялікі змест. Ні ў адным нумары ансамбля няма бессэнсоўных танцаў, — сцвярджае балетмайстар-пастаноўшчык Валянціна Гаявая. — Мы распавядаем пра жыццё, гісторыю, каханне. У нашых мініяцюрах не проста спяваюць ды танчаць — там выпраўляюць мужоў на вайну, ладзяць у жыце спатканні, садзяць бульбу, выганяюць пасвіцца скаціну, сустракаюць вясну, з тугой ды смуткам прыслухоўваюцца да крыку журавоў… Перад аўдыторыяй разгортваецца зразумелае харэаграфічнае палатно. Аднойчы, пасля нумара з сенакосам, да мяне падышлі пажылыя жанчыны, што прыехалі на канцэрт з Асіповіцкага раёна: «Усё так, як калісьці было з намі! Адкуль жа вы ведаеце?». А мы спачатку вызначаем гісторыю, якую хочам распавесці, потым ставім рухі, рыхтуем аранжыроўку, падбіраем ды шыем касцюмы. Калі ўсё гатова, я раблю маленькі спектакль — змястоўную харэаграфічную мініяцюру.
Большасць канцэртаў «Харошак» — з жывым гукам, фанаграма — як выключэнне падчас вялікіх зборных выступаў. Музыка калектыву грунтуецца на фальклоры, таму ў складзе аркестра ёсць асаблівыя народныя інструменты. Гэта дыятанічныя цымбалы, жалейкі, дуда, ліра, чарот-саломка (інструмент з каласка), басэтля, што замяняе бас-гітару ў старажытнай праграме. Некаторыя музыкі навучаліся граць на народных інструментах на спецыяльным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, але большасць — акадэмісты, якія прыходзілі ў калектыў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з класічнай спецыяльнасцю і самі засвойвалі новыя кірункі.
— Я скончыла Акадэмію музыкі з акадэмічным інструментам цымбалы-прыма, але падчас працы ў калектыве прыйшлося пазнаёміцца з яго народным варыянтам — дыятанічнымі цымбаламі, — распавяла артыстка аркестра Ульяна Гаўрылава. — Было адносна лёгка, бо яны роднасныя. Часам нам даводзіцца вывучаць зусім непадобныя інструменты: напрыклад, я выконвала некалькі нумароў на жалейцы. Думаю, што кожны музыка, які любіць сваю справу, здольны засвоіць іншы, неабавязкова тоесны ўласнаму, інструмент.
Музычная аснова пастановак — народныя тэмы. На канцэртах «Харошак» слухач можа пазнаць некаторыя матывы кшталту «Лявоніхі», але, безумоўна, ёсць тое, што адрозніць не кожнае вуха. Музыкі вышукваюць кампазіцыі, прыдатныя для танца па памеры і рытме, у зборніках, анталогіях народнай музыкі. Часам згадваюць забытыя матывы ці аднаўляюць музыку з мінулых пастановак — у саракагадовым ансамблі вярнуцца да старога бывае больш складана, чым прыдумаць новае. З улікам складу аркестра ды колькасці інструментаў робіцца аранжыроўка. Галоўнае — каб інструментоўка адпавядала форме танца, таму музычныя нумары нараджаюцца ў супрацоўніцтве з харэографам.
У касцюмерных «Харошак» шмат прыгожых народных строяў.
У трох касцюмерных ансамбля «Харошкі» захоўваюцца строі нават ад пачатку існавання калектыву. Загадчыца касцюмернай Ніна Сашко гартае свае запісы, каб агучыць дакладную лічбу, колькі іх: у яе распараджэнні — 6872 элементы адзення.
— Для харэаграфічнага ансамбля, які спецыялізуецца на народнай творчасці, мець столькі касцюмаў і нумароў, колькі ёсць у «Харошак», амаль нерэальна, — мяркуе Ніна Сашко. — Працэс пашыву касцюмаў не спыняецца: разам з пастаноўкай новых нумароў рыхтуецца адзенне, пастаянна абнаўляюцца і замяняюцца строі з бягучага рэпертуару. Натуральна, працуем паступова. Інакш разнастайны сцэнічны гардэроб (а гэта касцюмы і з ХVI, і з ХХ стагоддзя, і фальклорныя строі, і адмысловае адзенне пад вясну, лета, восень, зіму) было б немагчыма пашыць.
Асноўныя мастакі па касцюмах — Аляксей Гаявы і Юрый Піскун — шукаюць ідэі: глядзяць, што раней апраналі ў вёсках, звяртаюцца да гістарычных вытокаў, нешта бяруць з уласнай бібліятэкі касцюмаў. Строі на старадаўні манер удасканальваюць не толькі з пункту гледжання фасону, але і матэрыялу: не кожная тканіна пасуе для выкарыстання на гастролях.
— Падтрымліваць касцюмерную ў працоўным стане складана, але мы стараемся. Самі бачыце! — паказвае загадчыца на свае ўладанні.
І паглядзець сапраўды ёсць на што: перад вачыма паўстаюць шэрагі сцэнічных касцюмаў, галаўных убораў, паясоў. Мадэлі, пашытыя на заказ вясковымі бабулямі; кашулі, упрыгожаныя сапраўднай ручной вышыўкай; разнастайныя паясы; спецыфічны абутак, які пасуе да канкрэтных касцюмаў; безліч асобных элементаў з карункаў, аксаміту ды футра…
— Калі няма любові да сваёй справы, калі чалавек усё робіць для сябе, для сцвярджэння ўласнага «я», нічога добрага не атрымаецца. Зусім іншыя вынікі чакаюць тых, хто стараецца для людзей, — тлумачыць Валянціна Гаявая. — Лічу, як бы цяжка і складана ні было, трэба рабіць тое, што нясе карысць людзям. У кожнага чалавека свой густ, але «Харошкі» патрэбныя беларусам. Наша праца на галаву вышэйшая за дасягненні многіх высакакласных нацыянальных калектываў з іншых краін, бо ў іх ёсць аднастайнасць: аднолькавыя нумары, падобная музыка, толькі колеры касцюмаў змяняюцца. Я ж вырашыла так: у «Харошак» ніводны нумар не будзе падобны да іншага, ніводны касцюм не супадзе з папярэднім, музыка ніколі не прагучыць у адной танальнасці.