
— Вольга, за гады працы ў калектыве вы прадставілі мноства яркіх і непаўторных вобразаў — ад чароўнай снежнай феі, далікатнай вясновай німфы да энергічнай і жыццярадаснай славянскай прыгажуні. З чаго пачалася харэаграфічная гісторыя?
— З маленства мяне атачаў геній балетнага мастацтва: бацькі часта глядзелі пастаноўкі на тэлеканале “Культура”, а стрыечная бабуля служыла ў тэатры ў Санкт-Пецярбургу. Так хацелася паспрабаваць сябе ў класічным танцы… Ды не склалася: рост перавышаў строгі стандарт. І я апынулася ў дзіцячай студыі пры ансамблі, а потым і ў саміх “Харошках”.
— Якія рысы характару сталі галоўнымі рухавікамі вашага поспеху?
— Адназначна — сіла волі. Артысты, як і прафесійныя спартсмены, кожны дзень змагаюцца з фізічным болем, са звычайнай чалавечай стомай, з лянотай. Каб пераадольваць слабасці, неабходныя вытрымка і настойлівасць. Успамінаюцца, напрыклад, выпадкі, як калег везлі ў бальніцу адразу пасля выступлення. Куды дзявацца, калі сёння канцэрт, а ў цябе высокая тэмпература? Усё роўна — на сцэну…

— Значыць, пры вялікім жаданні і мэтанакіраванасці любы можа стаць прафесійным танцорам?
— Важныя таксама гібкасць, добрая каардынацыя, развітая буйная і дробная маторыка, пэўная арганізацыя мозга і яго паўшар’яў. Але адных толькі прыродных здольнасцей мала. Каб па-сапраўднаму раскрыць талент, спатрэбіцца ўпартасць, што ператворыць простую пластычнасць у майстэрства. Гэта як з харызмай: калі ёсць, можна развіваць і ўзмацняць, а ў адваротным выпадку — шукаць сябе ў іншым
— Вы маеце неверагодна багаты сцэнічны досвед. У якім жанры адчуваеце сябе найбольш арганічна?
— Я хутчэй лірык, чым комік. Вельмі люблю гістарычныя праграмы і ролі, дзе шмат жаноцкасці. Багацце такіх пяшчотных вобразаў у нашай харэаграфіі — гэта, напэўна, адлюстраванне мяккай і ласкавай натуры легендарнага балетмайстра “Харошак” Валянціны Іванаўны Гаявой. Хаця яна заўсёды імкнулася паказваць толькі валявы і рашучы бок сваёй асобы...
— Якія ў вас крыніцы натхнення?
— Музыка, гледачы, калегі, наша сцэнічная сінхроннасць і зладжанасць, сумесная творчасць, шматгадзінныя рэпетыцыі, дзе нараджаюцца сапраўдныя шэдэўры харэаграфічнага мастацтва... — А што ў прафесіі артыста можа дэматываваць, раздражняць? — Мяне складана вывесці на негатыўныя эмоцыі: гэта не зусім у маім стылі, я маю іншы тэмперамент. Але ўнутрана магу не разумець, не прымаць пэўныя чалавечыя праявы. Напрыклад, нястрыманасць і бескампраміснасць. Танец — ён пра пастаянны, у прамым і ў пераносным сэнсе, рух наперад, адкрыцці, эксперыменты, наватарскія рашэнні. І сцвярджэнні накшталт “Мы заўсёды рабілі толькі так і не можам інакш” абмяжоўваюць творчую свабоду, што недапушчальна для артыста.
— Уявім сітуацыю: чалавек, які ніколі не чуў пра ансамбль, папрасіў распавесці аб ім…
— “Харошкі” — увасабленне беларускай душы. Багатая стылістыка калектыву — шлях да спасціжэння глыбіні традыцыйнай культуры і жыццёвага ўкладу нашага народа, а яшчэ — магутны інструмент маральнага і эстэтычнага выхавання маладога пакалення.
— “Добры артыст” — што для вас значаць гэтыя словы?
— Майстэрства характарызуецца не толькі тэхнікай, энергіяй, вынослівасцю і сілай, але і жыццёвым досведам. Каб дасягнуць глыбіні ў сцэнічным мастацтве, па-сапраўднаму раскрыцца і крануць публіку, неабходна зведаць і самае яркае, чыстае шчасце, і самы нясцерпны боль.
— Да чаго цяпер імкняцеся ў прафесійным плане?
— Мусіць, я не з тых людзей, у якіх вялікія кар’ерныя амбіцыі. Усё, чаго жадаю, — і надалей адчуваць асалоду ад кожнай пастаноўкі, кожнай сустрэчы з гледачом. Кіруюся прынцыпам, што праца, нават найцяжэйшая, павінна прыносіць радасць. Калі ўвесь час сябе прымушаць, мучыць і ламаць, губляюцца ўсе арыенціры. Да любой мэты належыць рухацца з задавальненнем.
— Можна адзін нечаканы факт пра вас?
— Хутка атрымаю дыплом лагапеда ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
— Чым зацікавіла гэтая сфера?
— Хочацца дапамагаць сем’ям, якія сутыкнуліся з парушэннямі мовы ў дзяцей. На жаль, з кожным годам такіх хлопчыкаў і дзяўчынак становіцца ўсё больш.

— Чаго пажадаеце “Харошкам”?
— Бясконцых магчымасцей расказваць пра нашу спадчыну. Каб нават у самых аддаленых кутках свету чулі слова “беларусы” — і адразу разумелі, што гэта за людзі, якая самабытная ў іх гісторыя, культура. І разам з тым зычу дбаць пра айчыннага гледача. Хіба не найвялікшае шчасце — быць патрэбным на роднай зямлі?
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва калектыву