14 студзеня 2024 - 50 гадоў з дня заснавання ансамбля "Харошкі"
Прайсці адмысловымі маршрутамі, выпрабаваць удачу, атрымаць падарункі, трапіць туды, дзе звычайна зачынена, сустрэцца з уладарамі замка, натхніцца выступленнямі запрошаных артыстаў і самім станцаваць сярэднявечныя танцы, а яшчэ ўзбагаціцца ментальна і душэўна можна было падчас «Ночы музеяў» у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж».
Мы вырашылі завітаць менавіта сюды, бо сёлета Нясвіж азнаменаваны трайным юбілеем. 7 мая 1583 года быў закладзены падмурак замка — спраўдзілася жаданне князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі, які запрасіў на будоўлю замежных інжынераў, архітэктара італьянца Джавані Марыю Бернардоні. Такім чынам, сёлета 440 гадоў з дня закладкі першага каменя замка. 2 ліпеня 1993 года на базе гістарычных помнікаў горада быў заснаваны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» — яму 30 гадоў. І, нарэшце, сёлета спаўняецца 800 гадоў гораду Нясвіжу. Ва ўрачыстасці такіх дат святу ў музеі быць асабліва яркім!
— «Ноч музеяў» у замку — заўсёды штосьці незвычайнае: сцэнарыі, экскурсіі, якія не ўваходзяць у стандартны маршрут, — адзначае Вольга Галубовіч, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». — У мінулым годзе, напрыклад, спускаліся ў сутарэнні. Кожны год — новая тэматыка. Сёлета шмат магіі, таямнічасці. Улічваючы, што палац поўны легенд, цікавых гістарычных падзей, вячэрні час найлепшы для паглыблення ў старажытную атмасферу. Паўзмрок адкрывае таямніцы. Нездарма вельмі запатрабаваны нашы начныя экскурсіі, якія праводзім у зімні час. Уявіце: вы ідзяце ў апраметнай цемры, і толькі ліхтар і экскурсавод... «Ноч музеяў» — заўсёды феерычная падзея. Летась яна была прысвечана 210-годдзю напалеонаўскай бітвы, бо адзін з Радзівілаў — Дамінік Іеранім — там удзельнічаў. З гэтай нагоды была рэканструкцыя бітвы французскай і расійскай армій. Сёлета ж шмат музыкі і тэатралізацыі. Не кожны дзень мы ходзім на канцэрты, і сёння — выдатная магчымасць.
Ці ёсць яшчэ тыя, для каго музей асацыіруецца з нечым статычным? А музей-запаведнік «Нясвіж» даказвае, што ён — жывы арганізм. І гэтым разам прагляд экспазіцыі сумяшчаўся з дзеяннем. Акцэнт — на музыку і тэатралізаваныя прадстаўленні, касцюміраванне. Прычым у ролі артыстаў — самі супрацоўнікі. Кожныя 10 хвілін групы з 30 чалавек з нецярпеннем чакалі, калі адчыняцца цэнтральныя дзверы, каб адправіцца на сустрэчу з гістарычнымі персанажамі, незвычайнымі героямі, адолець лабірынты замка і атрымаць сувенір на фінішы.
— Экскурсійныя маршруты кожны год у нас розныя. Сёлета мы запланавалі выхад на бастыён, на валы, куды звычайна турыстаў не пускаюць, спуск у інтымны дворык, — расказвае культарганізатар Алена Гарох. — Не ўваходзіць у стандартныя экскурсійныя маршруты тэатральная зала, бо прызначана для канцэртаў, баляў. А сёння яна ў распараджэнні публікі, да таго ж з выступленнямі запрошаных артыстаў. Да ўвагі і выставачная зала з новай экспазіцыяй.
Такім чынам, цікавыя месцы, недаступныя ў звычайныя дні, становяцца дадатковымі лакацыямі, якія прэзентуюць замак па-новаму.
— Да 30-годдзя мы рыхтуем выставачны праект са збораў музея-запаведніка, — дзеліцца начальнік экспазіцыйна-выставачнага аддзела Алена Фомчанкава. — Мы сабралі шмат цікавых прадметаў, якія яшчэ не паказваліся. Атрымалася дзевяць калекцый: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, сучаснае мастацтва, археалогія, нумізматыка... Цалкам праект будзе адкрыты крыху пазней, а да «Ночы музеяў», да адмысловага маршруту, мы прадстаўляем частку. Тут можна ўбачыць як самыя раннія прадметы — IX—XI стст., так і сучасны жывапіс, напрыклад, работы мастакоў Зінкевіча, Швайбы, Ждана. З прадметаў IX—XI стст. цікавы фрагмент сякеры. Ёсць фрагменты прадметаў з пакояў княгіні, знятыя пры рэстаўрацыі, з раскопак. Найбольш каштоўныя можна ўбачыць на адкрыцці праекта да 30-гадовага юбілею палаца.
Разынка сёлетняй «Ночы музеяў» у Нясвіжы — удзел вядомых творчых калектываў: Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля «Харошкі», фартэпіяннага трыа «ТрыаТайм» і заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Яўгенія Бушкова.
Ансамбль «Харошкі» ў багатых, шыкоўных касцюмах увасобіў колішніх насельнікаў палаца. І свята ў Нясвіжы набыло новыя фарбы.
— Удзел у «Ночы музеяў» — новы вопыт для нас, што вельмі цікава, — дзеліцца саліст «Харошак», заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Прыходзька. — Наш калектыў шматгранны і мае многа кропак судакранання з рознымі відамі мастацтва: тэатральным, музейным... Наведвальнікі сёння ўбачаць жыццё замка знутры. Гэтаму пасадзейнічае і наша праграма, якая створыць атмасферу тых часоў. Адыграюць сваю ролю і касцюмы, і рэпертуар, і музыка — усё складзецца ў адно цэлае. Акцыя «Ноч музеяў» карысная тым, што ёсць магчымасць асвяжыць погляд: новы фармат музейных маршрутаў, выстаўкі ў іншым ракурсе, крэатыў у падачы фактаў… Так мы адкрываем раней нязведаныя грані, сягаючы ў старажытнасць, бо сучаснасць базіруецца на вытоках. Карані трэба ведаць. Пазнаёміцца з экспазіцыяй, унікнуць у жыццё замка — адзін са спосабаў зразумець, як жыць далей.
Аркестровая група Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля «Харошкі» прадставіла ўнікальны камерны праект, які створаны па матывах «Полацкага сшытка». У аснову пакладзены нотныя запісы беларускай свецкай музыкі эпохі Адраджэння. Шматколерныя мелодыі ў віртуозным выкананні, бліскучы вакал, дзівосныя сцэнічныя касцюмы разам з раскошнай залай палаца — усё гэта стварыла непаўторную атмасферу далёкай таямнічай эпохі беларускага Барока. Цэнтральнае месца музычнай праграмы занялі такія інструменты, як дыятанічныя цымбалы, ражкі, басэтля — і вось мы ўяўляем, як менестрэлі, пілігрымы, шляхта збіраюцца на плошчы сярэднявечнага горада.
Вакальна-інструментальныя аранжыроўкі Уладзіміра Гінько «Князёўна даўно ў мамкі была», дзе ў аснове — тэксты Максіма Багдановіча, слухаліся на адным дыханні. Прысутныя пачулі кампазіцыі з творчай лабараторыі «Харошак», якія паўсталі з тэкстаў, знойдзеных у Аршанскім сшытку. У аранжыроўцы Ігара Мельнікава прагучалі рамансы «Дзе б ты ні была, кахана» і «Да пад вішняю». Высакародная атмасфера замка вельмі пасавала праніклівым спевам салістаў Вольгі Неўмяржыцкай, Марыны Анкуда, Віктара Кедала. Старажытная беларуская музыка ў выкананні «Харошак» стала найлепшым спадарожнікам для ўяўлення падзей мінулых часоў, каларыту эпохі.
А чорная панна Нясвіжа ходзіць па замку? Цікаўнасці наведвальнікаў не было межаў. Чорную панну можна сустрэць? Прынамсі, былых уладальнікаў гэтага палаца — адназначна. У Залатой зале ўдзельнікаў адмысловага маршруту чакалі гаспадары замка Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька і Францішка Уршуля Вішнявецкая Радзівіл, якія прадставілі імправізацыю дзеі з жыцця палаца. Потым — Паляўнічая зала, сцены якой аздоблены шматлікімі трафеямі.
Наступны пункт маршруту — найбольш відовішчны — тэатр Францішкі Уршулі. У цэнтры Нясвіжа Міхаіл Казімір Рыбанька для сваёй любімай жонкі пабудаваў прыдворны тэатр. Пра яго адметнасці сёння сведчаць унікальныя экспанаты, якія можна ўбачыць на маршруце. Гэта агромністыя тэатральныя машыны — мудрагелістыя драўляныя канструкцыі — для дэманстрацыі розных з’яў прыроды. Напрыклад, адна імітавала дождж, а слугі на сцэне сыпалі муку з тоўчанага рысу. Другая машына стварае вецер з дапамогай кола і трэння тканін. Ды не толькі дождж і вецер можна было чуць з машын падчас прадстаўлення, але нават грукат грому. Вось дык вынаходства! «Такая машына размяшчалася над авансцэнай, каб максімальна ўзмацніць уражанне. Складалася яна з пустой скрынкі-рэзанатара. А ўнутры былі зубчастыя калёсы», — удакладняе экскурсавод Алена Лукашанец. А яшчэ з дапамогай машын можна было ўбачыць мора — так званыя машыны-хвалі. А слугі апырсквалі гледачоў салёнай вадой. Такім чынам, сыходзілі са спектакля мокрыя, але задаволеныя.
Тым часам на маршруце працягвалі ажываць касцюміраваныя героі. У выставачнай зале да гасцей выйшаў Мікалай Хрыстафор Радзівіл. Звярнуўшы ўвагу на каштоўнасць экспанатаў выставачнай залы, якія звязваюць мінулае і цяперашняе, ён заўважыў, што Нясвіжскі замак па сёння зберагае гісторыю роднай зямлі.
У Гетманскую залу падымаліся па дазорнай вежы, па ёй жа спускаліся ў інтымны дворык. «Інтымны не ў значэнні, што тут праходзілі спатканні. Насамрэч тут былі спецыяльныя хады, праз якія на выпадак небяспекі замак можна было пакінуць», — тлумачыць Алена Лукашанец.
Трапіўшы з інтымнага дворыка ў цэнтральны, госці працягвалі прымаць удзел у праграме. Сярод шматлікіх забаў прыцягнулі сярэднявечныя танцы. Узяўшыся за рукі, сталі ў круг і станцавалі «маразулю», «сварлівых прачак». Майстар-клас праводзілі завадатары ў пышных касцюмах паненак і кавалераў.
Толькі ў «Ноч музеяў» была магчымасць бясплатна наведаць арсенал і капліцу замка. Капліца, думаецца, — найбольш цікавае месца палаца. Тут прадстаўлены адмысловыя экспанаты, напрыклад, боты і фрагмент кунтушовага (слуцкага) пояса з пахавання Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку другой паловы XVIII стагоддзя. Восем прадстаўнікоў роду паказаны ў трунных партэтах, якія ствараліся спецыяльна для пахавальнай цырымоніі. Вялікую каштоўнасць уяўляе радавая ікона, размешчаная ў алтары. Яе копію падарылі нашчадкі Радзівілаў: у цэнтры Дзева Марыя, анёлы над ёй трымаюць карону, а па баках спускаюцца скруткі з надпісам «Іаан, ты пераможаш». «Ікону знайшоў перад бітвай з туркамі пад Венай Іаан Сабескі», — адзначае супрацоўнік музея Аксана Лушчыцкая. Капліца Нясвіжскага замка ўнікальная яшчэ сваёй тэхнікай роспісу «гразайн» — аб’ёмны жывапіс, які атрымліваецца толькі з адценняў двух колераў (тут карычневы і ружовы).
Ноч аказалася кароткая для спазнання ўсіх сакральных ведаў і цікавасцей, ды Нясвіж будзе працягваць адкрываць свае таямніцы. Спяшайцеся на юбілейныя мерапрыемствы!
Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара